Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

12 мая 2021

У Карэлічах адсвяткавалі Дзень Перамогі

 9 мая. Нядзеля. Сонечны дзень. Ужо сама прырода спрыяе правядзенню Вялікага Свята — Дня Перамогі. У дзесяць гадзін раніцы на галоўнай плошчы раёна збіраюцца карэліччане і накіроўваюцца да мемарыяльнага комплексу «Зорка», каб аддаць даніну памяці, павагі тым, хто ў нялёгкіх баях на вайне адстаяў Перамогу. Ідуць прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, грамадскіх арганізацый, моладзь, дзеці, ветэраны працы — вось яна, пераемнасць пакаленняў! Усе разам ушаноўваюць памяць, услаўляюць гэты светлы дзень і воінаў-пераможцаў. Іх аб’ядноўвае марш пакаленняў «Абавязак. Гонар. Годнасць», вялікае жаданне заўсёды жыць пад мірным небам і вялікая ўдзячнасць тым, хто заваяваў Перамогу.

Акцыяй «Беларусь памятае» ўдзельнікі шэсця яшчэ раз пацвярджаюць павагу і памяць аб сваіх продках — у іх руках партрэты дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі за наша светлае будучае і шчаслівы дзень. Сённяшняе пакаленне выказвае сваю ўдзячнасць ветэранам вайны, яны назаўсёды засталіся ў памяці ўдзячных нашчадкаў.

У рамках урачыстых мерапрыемстваў аб’яўлена аб пачатку раённай патрыятычнай акцыі «Салдацкі платок». Салдацкі платок — жывая памяць аб вайне і Перамозе. На ім вышыты ініцыялы, тэксты, з ім салдаты ішлі ў бой. У ім — 49 імён герояў Карэліччыны, і за кожным з іх — свой жыццёвы лёс воіна-вызваліцеля. «Салдацкі платок» будзе перададзены на захаванне ў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей.

 

І сапраўды, Дзень Перамогі — гэта Свята некалькіх пакаленняў, якія абаранялі Радзіму ад фашысціх захопнікаў, але гэта яшчэ і Свята тых, каму трэба будзе берагчы і памнажаць славу бацькоў і дзядоў. Аб гэтым гавораць ўдзельнікі мітынгу, які адбыўся на мемарыяльным комплексе «Зорка» ў райцэнтры.

 

З прамовай выступіў старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій ШАТУЕЎ:

— Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікі тылу!

Паважаныя карэліччане і госці раёна!

У нашай краіне ёсць шмат розных свят. Мы ўсведамляем іх значнасць і важнасць, паважаем і ўшаноўваем. Але Дзень Перамогі, які сабраў нас сёння, з усіх мы выдзяляем таму, што не было ў гісторыі чалавецтва больш лёсавызначальнай і трагічнай падзеі, чым Другая Сусветная вайна. Свяшчэнная і непарушная гістарычная праўда пра Вялікую Айчынную вайну.

Цаной неверагоднага напружання на франтах, штодзённага подзвігу ў тыле заваёўвалася Вялікая Перамога. Перамога ўсіх, хто памятае, хто не забыўся пра сваіх родных і  блізкіх, якія не вярнуліся з поля бою, тых, хто ў тыле жыў адной ідэяй — усё для фронту, усё для Перамогі!

За гады акупацыі гітлераўцы поўнасцю ці часткова разбурылі больш 200 гарадоў і пасёлкаў, звыш дзевяці тысяч вёсак. Такая жорсткая і горкая рэальнасць тых даўно мінулых дзён. Менавіта таму наш народ так глыбока шануе памяць аб загінулых. Беражэ  мір і свабоду. З глыбокай павагай і клопатам адносіцца да тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу. Любіў і самааддана абараняў ад ворага родную зямлю.

Сёння цяжка ўявіць, якія нечалавечыя выпрабаванні і мукі перажыло наша старэйшае пакаленне. У нямецкіх акупантаў былі лепшыя ў свеце танкі, бамбардзіроўшчыкі, мінамёты, на іх працавала ваенная прамысловасць усёй Еўропы. Але ўся гэтая вялізарная машына знішчэння разбілася аб  адвагу і стойкасць савецкага салдата. Галоўным стрыжнем Перамогі стаў высокі патрыятызм і моцная дружба народаў. Нашы бацькі і дзяды ведалі, што яны абараняюць сваіх мацярэй, жонак, дзяцей. Яны ведалі, што аддаюць сваё жыццё за Айчыну, за Радзіму.

Мы перамаглі таму, што наш баец ішоў з гранатай супраць танка, таму што раненыя не пакідалі поле бою, а салдаты, калі заканчваліся патроны, білі прыкладам, лётчыкі збівалі варожыя самалёты, а радысты перадавалі: «Выклікаю агонь на сябе!» Мы перамаглі таму, што машыністы вялі эшалоны па трое сутак без адпачынку, таму што рабочыя, выгрузіўшы на пустырах станкі, зноў станавіліся на работу, таму што жанчыны і падлеткі самі галадалі, але кармілі і ўзбройвалі фронт.

Ніколі не памеркне памяць пра людзей, якія цаною свайго жыцця набліжалі пераможны май 45-га года! Карэліцкі край поўнай чашай выпіў жахі ваеннага ліхалецця. Кожны наш куточак зямлі дыхае мужнасцю, стойкасцю і гераізмам. Легендарнай старонкай Прынёманскага краю стала падрыўная дзейнасць мірскіх і ярэміцкіх камсамольцаў-падпольшчыкаў і партызан. Гісторыяй краіны стаў гераізм Уладзіміра Царука і Паўла Жалезняковіча, вызваліцеляў нашых пасёлкаў і вёсак Яна Фогеля і Васілія Канавалава. Бязмежны подзвіг мірных жыхароў. Мы ніколі не забудзем аб сямі тысячах загінулых воінаў, партызанах і падпольшчыках, мірных жыхарах, аб 12 «хатынскіх» вёсках. Кожны трэці беларус аддаў сваё жыццё ў гады вайны. У нашым раёне загінулі 132 партызаны і падпольшчыкі, больш 4 тысяч мірных жыхароў былі знішчаны фашысцкімі палачамі, не вярнуліся з поля бою каля 2 тысяч чалавек. Метады генацыду былі самыя выдасканаленыя.  Нашы суайчыннікі гінулі ў лагерах смерці ад голаду, холаду, здзекаў, масавай казні. Дзяцей змяшчалі ў спецыяльныя лагеры, дзе ў іх бралі кроў для германскіх салдат. Моладзь вывозілі для работы на прамысловых прадпрыемствах і ў сельскай гаспадарцы Германіі. Мірнае насельніцтва выганялі баранаваць мінныя палі. Шырока практыкаваліся расстрэлы заложнікаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара, але нават залітая крывёю мільёнаў людзей, разрабаваная і паўразбураная краіна не здавалася. Праз многія дзесяцігоддзі памяць аб подзвігу народа, які ўнёс вялікі ўклад у Перамогу над фашызмам, свяшчэнная. Менавіта вы, нашы паважаныя ветэраны, праславілі ў вяках беззапаветную адданасць сваёй Радзіме, бязмежную веру і цярпенне, мужнасць і стойкасць, неперадольнае імкненне да Перамогі, ахвяруючы дзеля яе ўсім!

Цяжкія гады вайны — гэта не толькі наша гісторыя, але і каштоўнейшыя ўрокі для будучага. На вопыце Перамогі мы пераконваемся ў тым, што толькі мужнасць і стойкасць, праца і адказнасць, дружба і супрацоўніцтва, вернасць традыцыям з’яўляюцца надзейнай гарантыяй пераадолення ўсіх цяжкасцей, залогам бяспекі і росквіту нашай любімай Радзімы.

Дарагія сябры! Мы ведаем пра вайну не толькі па кнігах і кінафільмах. Мы — прадаўжальнікі пераможцаў па тых каштоўных рэліквіях, якія захоўваюцца амаль у кожнай сям’і, ці гэта ордэны, медалі, жоўтыя фотаздымкі, пісьмы з фронту, дзённікавыя запісы ўдзельнікаў былых баёў. Мы шануем гэтую летапісную праўду, ганарымся ёю. І памятаем запаветныя словы двойчы Героя Савецкага Саюза, праслаўленага камандуючага многімі франтамі, палкаводца Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага: «Толькі той народ, які шануе сваіх герояў, можа лічыцца вялікім!»

Бацькі, дзяды, прадзеды змагаліся за нашу будучыню, незалежнасць і мір на зямлі. Наш абавязак — шанаваць іх памяць і кожны дзень, пражыты ў свабоднай Беларусі пад мірным небам. З павагай адносімся да дзяржаўных сімвалаў, адлюстроўваючым палітычную самастойнасць і незалежнасць нашай дзяржавы, гісторыю яе станаўлення і развіцця.

На жаль, час няўмольны. Усё менш і менш застаецца сярод нас тых, каго мы з гонарам называем «Ветэран Вялікай Айчыннай». Нашаму пакаленню пашанцавала, што многіх з іх мы ведаем асабіста, захапляемся іх аптымізмам, жыццялюбствам і вялікай сціпласцю. Сёння ў Карэліцкім раёне засталося толькі 7 ветэранаў. Удзельнікі партызанскага руху: Уладзімір Данілавіч Буй з г. п. Мір, Пётр Іосіфавіч Шэўка з агр. Краснае, Уладзімір Канстанцінавіч Пліско з в. Мінакі, Надзея Пятроўна Кужалевіч з г.п. Карэлічы, Вольга Іосіфаўна Хіневіч з в. Кожава, удзельніца бітвы пад Сталінградам Анастасія Якаўлеўна Грышына з г.п. Карэлічы, жыхарка блакаднага Ленінграда Зінаіда Пятроўна Ляшчынская з в. Загор’е. Мы схіляемся перад вашым гераічным подзвігам. Вы — жывы прыклад стойкасці, непарушнай веры ў сілу дабра.

У гэты ўрачысты дзень мы схіляем галовы перад паўшымі ў баях. Светлая наша памяць пра тых, чые сэрцы спыніліся ўжо ў мірны час.

Дарагія ветэраны! Дзякуй за Перамогу! Здароўя на доўгія гады! Няхай свята Вялікай Перамогі прыдае вам сіл, аптымізму і радасці! Нізкі паклон вам за ратную і мірную працу, жыццёвую мудрасць і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Моцнага здароўя і даўгалецця, павагі і любові вашых блізкіх!

Дарагія землякі! Ад усёй душы віншую з 76-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне! Жадаю ўсім здароўя, поспехаў у рабоце, дабрабыту ў сем’ях, мірнага неба над галавой!

Моцная і квітнеючая Беларусь — лепшы помнік загінулым і жывым. Усім, хто ў жорсткіх баях адстаяў незалежнасць нашай краіны.

Слова прадастаўляецца настаўніку дапрызыўной падрыхтоўкі ДУА «Лукская сярэдняя школа», кіраўніку ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь» Уладзіміру МАТУСЕВІЧУ:

— Сёння ў 76-ы раз наша краіна адзначае вялікае свята — Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На жаль, усё менш сярод нас ветэранаў, людзей, якія заваявалі гэтую перамогу.

76 мірных гадоў. Выраслі і змяніліся пакаленні, якія не ведаюць вайны, але гэтае свята для нас было і застаецца адным з самых галоўных. Цана, якую заплаціла наша краіна за перамогу, — вялікая: гэта мільёны чалавечых жыццяў, скалечаныя лёсы тысяч і тысяч людзей, разбураныя гарады і сёлы. Для нас памяць аб гэтым — свяшчэнная. Тысячы помнікаў стаяць па ўсёй нашай Беларусі, каб ніхто не забыўся аб страшных днях фашысцкай акупацыі, каб вайна ніколі не паўтарылася на нашай шматпакутнай зямлі.

У гэтыя майскія дні мы зноў і зноў будзем глядзець ваенныя фільмы, спяваць і слухаць песні ваенных гадоў, каб успомніць. Каб не забыць.

У нашай школе з 2001 года дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб «Віцязь», работа якога накіравана на выхаванне ў юнакоў і дзяўчат пачуцця патрыятызму, развіцця цікавасці да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Адным з накірункаў дзейнасці клуба зяўляецца пошукавая работа. Па нашай ініцыятыве, якую падтрымалі Карэліцкі райвыканкам і СВК «Жухавічы», у ліпені мінулага года каля вёскі Вялікія Жухавічы быў устаноўлены памятны знак на мяркуемым месцы гібелі 2 ліпеня 1941 года салдат і афіцэраў штаба 29-й танкавай дывізіі  з яго камандзірам палкоўнікам Н. П. Студневым. Вывучаючы вопыт Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна, мы знаходзім нямала новага, недаследаванага.

Збіраючы матэрыял пра нашых землякоў-франтавікоў, мы адчулі сэнс фразы: «Зямля, палітая крывёю савецкіх салдат» — практычна ў кожнага, вярнуўшагася з вайны, у ваенным білеце меліся запісы аб раненнях.

Сёння мы ганарымся тым, што больш за 30 выпускнікоў нашай школы, выхаванцаў клуба «Віцязь», выбралі для сябе прафесію «Радзіму абараняць» — сталі афіцэрамі і прапаршчыкамі. Для іх слова «патрыятызм» не пусты гук. Дзякуючы такім людзям памяць аб мінулай вайне і далей будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне. Каб памятаць. Каб не забыць. Каб не паўтарылася!

Ля мікрафона —  загадчык аддзялення прафілактыкі, урач-тэрапеўт установы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Наталля РАМАНОВІЧ:

— Паважаныя ветэраны, працаўнікі тылу, вязні нямецкіх лагераў, а таксама ўсе жыхары Карэліцкага раёна! Няма ў нашай краіне свята больш вялікага, чым Дзень Перамогі. У жыцці кожнага народа ёсць асаблівыя даты, якія не могуць быць забытыя. Ніколі ў нашым сэрцы не знікне павага і падзяка за самаадданасць і подзвіг ветэранаў-франтавікоў, працаўнікоў тылу, узнімаючых краіну з попелу і руінаў. Нізкі паклон і вялікая ўдзячнасць вам!

Дзень Перамогі — гэта светлае, але ў той жа час сумнае свята, бо ў гэты дзень мы ўспамінаем тых, хто цаной свайго жыцця падарыў нам мір і свабоду. Вялікая Айчынная вайна пакінула свой адбітак практычна ў кожнай беларускай сям’і. Мая сям’я — не выключэнне. Мой прадзед загінуў у баі на тэрыторыі Германіі ў 1944 годзе. Мая бабуля з’яўляецца малалетнім вязнем (была загнана ў Германію, г. Хемніц, разам з маці). Нягледзячы на юны ўзрост у той момант, яна памятае ўсе жахі вайны так, як быццам гэта было ўчора і не можа расказваць пра гэта без слёз на вачах.

Нас усіх аб’ядноўвае агульнае мінулае, і мы не маем права забываць, якой цаной дасталася перамога. У гэты святочны светлы дзень хочацца пажадаць усім, у першую чаргу, моцнага здароўя, дабрабыту, душэўнага цяпла, увагі і клопату блізкіх. Няхай неба над нашай зямлёй заўсёды будзе мірным!

… Хвілінай маўчання ўшаноўваецца памяць загінулых на вайне. Да падножжа мемарыяльнага комплексу «Зорка» ўскладваюцца кветкі, гірлянда, вянкі. Удзельнікі мітынгу накіроўваюцца на свята, якое прадоўжыцца на галоўнай плошчы райцэнтра.