Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231430, г.п. Кореличи,
пл. 17 Сентября, 9
Электронная почта:
korelichi@mail.grodno.by
Телефон: 8-(1596)-2-18-24
Факс: ***

22 января 2021

В Кореличском Центре творчества детей и молодежи открыта музейная комната «История пионерского движения Кореличчины»

 У Карэліцкім Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адкрыты музейны пакой «Гісторыя піянерскага руху Карэліччыны»

Кіраўнік музейнага пакоя, педагог дадатковай адукацыі ўстановы Іна Гацкая знаёміць з музейным пакоем. У ім знаходзяцца чатыры экспазіцыі: «З глыбіні мінулага…», «Па старонках цяперашняга…», «Іх імёнамі названы дружыны нашага раёна», «Піянерскія сімвалы і атрыбуты».

Тут сабраны летапісы 12 піянерскіх дружын, матэрыялы па гісторыі піянерыі ў фотаздымках, уставы грамадскага аб’яднання. Аформлены стэнд  «Дакументы рэгістрацыі раённага савета грамадскага аб’яднання Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі».

Піянерскімі дружынамі Карэліччыны сабраны матэрыялы пра лідараў піянерскага руху розных гадоў. Сярод іх — Соф’я Мінзар і Арына Шавейка (СШ № 1 г.п. Карэлічы), Лізавета Адамушка (Цырынская), Вераніка Сак (Варанчанская), Аляксандра Полагава (Жухавіцкая), Лізавета Шпак (СШ № 2 г.п. Карэлічы), Крысціна Ламан (г.п. Мір) і іншыя.

У экспазіцыі дапаможнага фонду маюцца ганаровыя граматы, дыпломы, падзякі розных гадоў (1956-2020 г.г.), а таксама  матэрыялы паходаў піянерскіх дружын па родным краі (1968-1980 г.г.). Ёсць газеты  «Зорька» (1985 г.), «Пионерская правда» (1983 г.), «Полымя» (2002 г.), у якіх расказваецца пра піянерскі рух тых гадоў.

Найбольш цікавымі экспанатамі  музейнага пакоя асноўнага фонду з’яўляюцца вымпелы, гальштукі трох пакаленняў, піянерскі сцяг, акцябрацкі сцяжок, піянерскія і акцябрацкія значкі, горны, барабаны, школьныя прылады.

Метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вікторыя Русецкая адзначае, што музейны пакой «Гісторыя піянерскага руху Карэліччыны» валодае значным адукацыйна-выхаваўчым патэнцыялам, бо захоўвае і экспануе сапраўдныя гістарычныя дакументы, фотаздымкі, атрыбуты і сімвалы піянерыі мінулых гадоў. Таму важна эфектыўнае выкарыстанне гэтага патэнцыялу для выхавання рабят у духу патрыятызму, грамадзянскай самасвядомасці, высокай маралі, любові да сваёй Радзімы.

Слова —  членам аб’яднання па інтарэсах «Піянерскі лідар»  Карэліцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

Алеся ШКАДАВА,

вучаніца 5 «Б» класа СШ № 2 г.п. Карэлічы:

— Мае бацькі былі піянерамі і расказвалі шмат цікавага з піянерскага жыцця. Мяне зацікавіла гісторыя піянерскага руху, і ў гэтым мне дапаможа створаны ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі музейны пакой.

Аляксандра БАШКО,

вучаніца 5 «А» класа  СШ № 2 г.п. Карэлічы:

— Мне ўсё падабаецца ў гэтым пакоі, бо так жылі нашы равеснікі ў ХХ стагоддзі. Я буду экскурсаводам музейнага пакоя і расказваць яго наведвальнікам пра гісторыю піянерыі тых гадоў.