Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231430, г.п. Кореличи,
пл. 17 Сентября, 9
Электронная почта:
korelichi@mail.grodno.by
Телефон: 8-(1596)-2-18-24
Факс: ***

15 марта 2021

14 сакавіка ў аграгарадку Лукі на свяце “Улассеў дзень” вяскоўцы ўшанавалі хатніх жывёл, правялі зіму і сустрэлі вясну

 

— Дзень святога Аўласа або Уласа святкуюць у народзе 24 лютага, — расказвае культарганізатар аддзела культуры і дасуга Лукскага Дома культуры Іна Башко. — Улас — заступнік рагатай скаціны. У гэты дзень дамашнюю жывёлу сытна кармілі, у тым ліку асвечаным у царкве хлебам, прыбіралі ў хляве. Лічылася, што жывёла аддзячыць гаспадарам добрым малаком і шчырай работай.

Раней вяскоўцы шырока святкавалі Улассе: каталіся на санях, ставілі арэлі, маладыя хлопцы аб’язджалі маладых коней, запрагалі тройкі. Цяпер у вёсках коней няшмат, тэхніка замяніла жывую сілу. Але ёсць тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без гэтых прыгожых і высакародных жывёлін. Сярод іх — вялікая і дружная сям’я Лісоўскіх з Лук. Наталля і Мікалай працуюць у сельгаскааператыве “Лукі-Агра” жывёлаводамі, дома трымаюць вялікую гаспадарку, маюць 45 гектараў зямлі. Сапраўднае ўпрыгожванне іх гаспадаркі — маладая кабылка Аліса.

— Яна ў нас вельмі наравістая, — гаворыць Наталля, — але з такімі характарнымі жывёлінамі нават цікавей. Сёння мы прыехалі на свята на калгасным коніку Чарнышы. Ён ужо не малады, пятнаццаты год пайшоў, вельмі спакойны, таму на ім вельмі зручна катаць дзетак.

І сапраўды, упрыгожаны воз хуценька акружае мясцовая малеча: усе просяць пакатацца па вёсцы. Мікалай падсаджвае малых наверх: эх, пракачу! Некалькі хвілін — і Чарныш ужо коціць па вясковай вуліцы, бомкаючы бразготкамі.

На імправізаваным кірмашы разгарнуўся бойкі гандаль: тут і бяспройгрышная латарэя, і сувенірная прадукцыя ад раённага Дома рамёстваў, і арыгінальныя лялькі. Аўтар гэтых лялек — майстар Людміла Саўчанка-Кір’янава, якая працуе ў Жухавіцкім Доме культуры. Расказвае, што рабіць цацкі пачала ў “ліхія” 90-я. Многае дарыла, штосьці ўдавалася прадаць. Сёння займаецца гэтым больш для душы, кіруе аматарскім аб’яднаннем “Чароўны сундучок”.

Тым часам на імправізаванай сцэне вяскоўцы перацягваюць канат, водзяць карагоды, забіваюць цвікі і бегаюць навыперадкі. Яшчэ адзін падарунак ад арганізатараў — аладкі з сюрпрызам. Госці з цікаўнасцю бяруць печыва, асцярожна спрабуць, камусьці трапляецца манета. Шчасліўчык атрымлівае падкову на шчасце.

Жыхар Лук Уладзімір Грэмяка прыйшоў на свята са сваімі ўнукамі і ад душы ўдзячны арганізатарам:

— Цудоўнае свята! Добра, што мы памятаем і шануем абрады нашых продкаў, дэманструем іх нашым дзецям і ўнукам. Вельмі важна шанаваць гэтую гістарычную памяць, якая яднае беларусаў.

Імгненні свята