Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

28 кастрычніка 2019

Вядучыя навукоўцы, нечаканыя адкрыцці і вялікія планы на будучыню. Карэліцкія краязнаўчыя чытанні даказалі, што «13» – шчаслівая лічба

 Бясконца можна спасцігаць гісторыю роднай зямлі і штораз адкрываць для сябе нешта новае. Наш раён – маленькі, але мае багата таямніц і ўнікальных старонак слаўнага мінулага, што ўжо ў 13-ы раз на базе раённай бібліятэкі яскрава прадэманстравалі Карэліцкія краязнаўчыя чытанні.

Сёлета 18 дакладаў навукова-практычнай канферэнцыі аб’яднала тэма “Мінулае і сучаснасць Карэліцкага краю”. Чытанні сталі адмысловай пляцоўкай для плённай сустрэчы краязнаўцаў і навукоўцаў, прадстаўнікоў Інстытута гісторыі і Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, музея-запаведніка “Нясвіж”, музея “Замкавы комплекс “Мір”, дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Карэліцкага Дома рамёстваў і раённай бібліятэкі.

“У Карэліцкім раёне з павагай адносяцца да гісторыі роднай зямлі. Нястомна вядзецца краязнаўчая работа, якая ахоплівае прадстаўнікоў розных пакаленняў. Каштоўна, што да гэтага далучаюцца і нашы шаноўныя беларускія навукоўцы. Разам мы робім вялікую справу”, – ад імя мясцовых уладаў прывітала ўдзельнікаў падзеі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук. Таксама за плённае супрацоўніцтва яна ўручыла Ганаровую грамату калектыву Інстытута гісторыі НАН Беларусі, які сёлета адзначыў сваё 90-годдзе.

У сваю чаргу, загадчык аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН БеларусіАляксандр Доўнар ад імя ўстановы перадаў Падзякі дэпутату Нацыянальнага сходу Рэспублікі БеларусьВользе Папко і кіраўніку Карэліцкага Дома рамёстваў Юліі Баярэнка.

А далей настаў час Яе Вялікасці Гісторыі. Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Кірыл Мядзведзеў раскрыў адразу дзве тэмы: “З гісторыі археалагічнага даследавання Карэліцкага краю” і “Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё мяшчан Карэліч ў XVIII ст.” Даклады змусілі па-новаму паглядзець на мясцовыя краявіды, дзе і сёння можна знайсці ў раёнах вёскі Беразавец ці аграгарадка Ярэмічы сляды старажытных паселішчаў, а звычайны ўзгорак можа аказацца гарадзішчам. Закранулі даследаванні і тэму скарбаў, бо і зараз на нашых землях “чорныя капацелі” часам знаходзяць каштоўнасці. А знаёмства з жыццём насельніцтва Карэліч ў XVIII стагоддзі нагадала, што нават ў гады ліхалецця і выпрабаванняў нашы продкі знаходзілі сілы і магчымасці ўсё пераадолець.

Як звязаны землямер і архітэктар знакавага для нашага краю роду Вітгенштэйнаў Аляксандр Мірэцкі і рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі, адказала дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Вольга Папко ў сваёй працы “Павел Баляслаў Падчашынскі (1822-1876) і вывучэнне Мірскага замку”. Дарэчы, галоўны герой дакладу, асоба цікавая і рознабакова адукаваная, першым даследаваў славутасць беларускай нацыянальнай культуры як архітэктурны помнік. Таму, як адзначыла Вольга Папко, пра спадара Падчашынскага і яго асяродак у хуткім часе выйдзе аб’ёмны артыкул. Таксама яна праанансавала выданне доўгачаканага працягу кнігі-падарожжа па старажытных сядзібах Гродзенскай вобласці, у тым ліку Карэліцкага раёна. “Маю надзею, што і нашы чытанні стануць падмуркам для шэрагу выданняў. Гісторыя Карэліччыны вартая, каб пра яе расказвалі ў кнігах і на шырокія масы”, – падсумавала сваё выступленне Вольга Папко.

Даклад “Петрапаўлаўская царква ў Карэлічах: з гісторыі будаўніцтва” прафесара БНТУ, доктара архітэктуры Сяргея Сергачова нават для вопытных краязнаўцаў стаў каштоўнай знаходкай. “Я шмат разоў бываў у Міры і Навагрудку, але аднойчы спыніўся ў Карэлічах, здзіўлены хараством мясцовага праваслаўнага храма, – шчыра падзяліўся даследчык. – На першы погляд, перада мной быў тыповы для другой паловы ХІХ стагоддзя праект . Але ж калі я пачаў разбірацца, то пабачыў шэраг адметнасцяў і ў знешнім афармленні, і ў інтэр’еры. Нездарма толькі за чарцёж храма ў Карэлічах заплацілі вялікія на той час грошы – 15 рублёў, у іншых месцах аналагічныя цэрквы абышліся танней. Але хачу адзначыць не толькі гэтую святыню, але, увогуле, планіроўку райцэнтра, якая захавалася з даўніх часоў і налічвае стагоддзі. Сапраўды, у Карэлічах і ваколіцах пры жаданні яшчэ багата можна знайсці і навукоўцам, і турыстам”.

Загадчык аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Доўнар напачатку свайго выступлення звярнуў увагу на размешчаную на праграме Карэліцкіх чытанняў выяву. Аказалася, што гэта карта штучнага змянення русла Нёмана ў раёне маёнткаў Турэц і Абрынкі другой паловы XVIII стагоддзя і ўнікальны прыклад таго, як уручную нашы продкі маглі нават скараць воды магутнай ракі. Таксама дакладчык на аснове дакументаў Галоўнага архіва старажытных актаў распавёў пра жыццё Карэліч напачатку XVII стагоддзя і як гаспадарылі на нашых землях знакамітыя роды Чартарыйскіх і Радзівілаў.

“Ужо ў восьмы раз мне пашчасціла выступаць на Карэліцкіх чытаннях. А тэмаў для новых канферэнцый, здаецца, стае ўсё больш, – падкрэсліў вялікі патэнцыял праекту Аляксандр Доўнар. – Так, спачатку чытанні насілі літаратурны характар, але хутка, прыкладна на пятым годзе існавання, яны ўзялі кірунак на навуковыя даследаванні. І гэта выдатна, бо дазваляе штогод адкрываць новыя старонкі гісторыі Карэліччыны, а значыць і Беларусі, ды яшчэ спрыяе выданню збораў навукова-даследчых работ. А яшчэ, калі я еду па тутэйшых мясцінах, то думаю, што менавіта гэта зямля ў свой час натхняла таго ж Янку Брыля на моцныя і глыбокія творы, а сёння не перастае здзіўляць і нас, навукоўцаў”.

Розныя віды кафлі XVI- XVII стагоддзяў з фондаў замкавага комплекса “Мір” і Карэліцкага раённага краязнаўчага музея сталі аб’ектам навуковых пошукаў мінскага краязнаўцы Пятра Русава, які, да слова, яшчэ займаецца і яе рэстаўрацыяй. Дзякуючы руплівай працы даследчыка, прысутныя даведаліся, як хрысціянскія матывы ўдала ўпляталіся ва ўзоры ў выглядзе рыбінай лускі і вясёлкі на кафлі, чаму нашы продкі любілі паяднанне жоўтага, белага і кобальтавага колераў ды іншыя цікавосткі.