Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

10 сакавіка 2022

У Карэлічах на Масленіцу зіму праважалі ды вясну гукалі

 

5 сакавіка ў Карэлічах свята “Ай да, Масленіца!” сабрала на цэнтральнай плошчы ў Карэлічах жыхароў і гасцей раёна. Тут частаваліся блінамі, вадзілі карагоды і спявалі песні, каталіся на конях, ладзілі розныя спаборніцтвы і гульні.

Да гасцей  свята звярнуўся благачынны цэркваў Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса:

— Дарагія карэліччане! Віншую вас з вясёлай Сырнай сядміцай. Гэта час, калі праваслаўная царква заклікае сваіх прыхаджан весяліцца і святкаваць, а таксама рыхтаваць сябе да таго часу, які называецца Вялікі пост. На гэтым тыдні мяркуецца ўстрыманне ад мясных страў. Масленіца — вялікае і важнае свята. Мы маем магчымасць сустрэцца са сваімі роднымі і блізкімі, сябрамі, суседзямі, наладзіць добрыя ўзаемаадносіны за кубкам гарбаты і тымі прысмакамі, якія рыхтуюцца на працягу ўсяго гэтага тыдня. Жадаю ўсім добрых адносін адзін да аднаго, а таксама здароўя, радасці і дабра.

Між тым на свята на запрэжаным кані прыехала Зіма. Крыху раззлаваная, бо час яе гаспадарання адыходзіць. Вясёлыя скамарохі павіталі яе і пачалі гульні з удзельнікамі свята.

Шмат прыхільнікаў знайшла інтэрактыўная пляцоўка Карэліцкай раённай бібліятэкі.

— Мы зладзілі гэтую пляцоўку для дзяцей, — расказвае дырэктар установы Лілія Арцюх. — Тут можна падсілкавацца блінамі і кексамі, папіць гарбаты. Дзецям падабаюцца пазлы і прыказкі на масленічную тэматыку, якія патрэбна сабраць. Працуе бяспройгрышная латарэя.

Загадчык сталовай КСУП «Племзавод Карэлічы» Алена Акулік частавала ахвотных пярловай са шкваркамі і грэчневай з тушонкай кашай:

— Каша вельмі смачная! Прывезлі два бачкі па 60 літраў, амаль за гадзіну з’елі літраў 30. Думаю, дадому павязу пусты посуд, людзі ахвотна падыходзяць.

Крапіўніцкая Дарына прыйшла на плошчу на гукі музыкі і спачатку вырашыла падсілкавацца:

— Зараз з’ем кашу і абавязкова пайду ўдзельнічаць у конкурсах.

Бадай што, ніякае свята не абыходзіцца без цыган: яны і спяюць, і станцуюць, і лёс прадкажуць.

— Гэй, маладзіца, пазалаці ручку — усё раскажу! — цыганка падыходзіць да маладой жанчына. — Бачу, што муж у цябе добры і сынок харошы. І будзе ў вас у доме мір і згода!

Весела было на пляцоўцы ў нячысцікаў, якія прыдумалі «блінную» забаву: Бабкі Ёжкі прынеслі патэльні і прпаноўвалі падкідваць на іх блінцы. Хто даўжэй пратрымаецца і не ўпусціць прысмак, той і пераможца.

Бой мяшкамі з саломай прывабіў моцную палову чалавецтва. Вось тут можна было паказаць і сілу, і спрыт! Вядома ж, пераможцы — падарунак.

Музычны падарунак зрабілі спявачкі калектыву «Ятранка» з Дзятлаўскага раёна.