Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

14 кастрычніка 2019

Шматдзетная мама з г. п. Карэлічы Кацярына Шкадава бачыць сваё шчасце ў сям'і

 Мама… Кароткае слова, ў якое закладзены вечны сэнс і непамерная жыццёвая энергетыка. Колькі цеплыні і пяшчоты, веры, надзеі і любові стаіць за ім. Колькі шчырых усмешак на маленькіх вуснах, цёплых кампліментаў і прыемных падарункаў атрымлівае жанчына, якая завецца “матуляй”. У той жа момант ёй добра вядомы мацярынскія клопаты, перажыванні, бяссонныя ночы ў трывозе за сваіх дзяцей. “Тым не менш, быць мамай – сапраўднае, вялікае, ні з чым непараўнальнае шчасце”, – упэўнена сцвярджае шматдзетная маці з г.п. Карэлічы Кацярына Шкадава.

– З маленства мне падабалася прафесія выхавальніка дзіцячага садка, у ролі якой я і бачыла сябе ў будучым, – дзеліцца жанчына, трымаючы на каленях малодшую дачушку. – Да таго ж я заўсёды хацела мець як мінімум траіх дзяцей. Выхавальнікам я не стала, але другая мая мара ажыццявілася. Знаёмцеся – Алеся, Саша і Ліза.

У вачах кожнай матулі іскрыцца любоў і гонар за поспехі свайго дзіцяці. Кацярына Шкадава таксама з задавальненнем расказвае аб талентах і здольнасцях дзвюх дачок і сына.

– Трохгадовая Ліза наведвае дзіцячы садок і ўжо ведае лічбы, большую частку алфавіта, колеры і нават адценні, – распавядае пра першыя поспехі дачушкі шматдзетная маці. – Чацвёртакласніца Алеся добра вучыцца, прымае ўдзел у школьных і раённых алімпіядах. У мінулым годзе ўдзельнічала ў школьнай навукова-даследчай канферэнцыі. Яна выдатна чытае вершы, любіць танцаваць. Алеся вельмі адказная і сур’ёзная. Да таго ж яна мая першая памочніца.

Па словах матулі, прыбраць у кватэры, нават падлогу памыць, заўсёды гатовы і шасцігадовы Сашка. А яшчэ ён любіць кулінарыць і ведае вялікую колькасць рэцэптаў. Як будучы мужчына, сын праяўляе неймаверны інтарэс да будаўніцтва.

– Два гады назад заклалі фундамент нашага будучага дома, – расказвае шматдзетная маці. – Сашка з татам цэлымі днямі маглі на будоўлі прападаць. Муж Віталій амаль увесь дом сваімі рукамі пабудаваў. Сашка ж вывучыў назвы усіх будаўнічых прыладаў і па меры сваіх сіл дапамагаў тату.

У наступным годзе сям’я Шкадавых, якая некалькі месяцаў назад адсвяткавала 10-гадовы юбілей сумеснага жыцця, адзначыць наваселле.
Знаёмы ж Віталій і Кацярына яшчэ са школьнай парты. Адпаведна і шчырасць іх адносін праверана часам.

– Зараз жывём разам з мамай мужа Наталляй Паўлаўнай, – адзначае Кацярына. – Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, жыць са свякроўю не толькі можна, але і вельмі добра. У любы момант можна разлічваць на дапамогу і падтрымку. Ды і кухню мы ніколі не дзялілі, заўсёды разам гатавалі.

У гутарцы са шматдзетнай матуляй стала зразумела, што сямейныя каштоўнасці і адносіны сярод сваякоў моцныя і непарыўныя.

– На дні нараджэння, Новы год і іншыя святы за агульным сталом збіраецца вялікая радня, – дзеліцца Кацярына. – Сваёй сям’ёй любім на рыбалку выязджаць. Дзеці ў нас вельмі дружныя і сумуюць адзін па адным, калі кагосьці дома няма. А колькі кампліментаў я пачую, пакуль з Сашкам з дзіцячага садка вяртаемся. Улетку ён заўсёды назбірае мне букет кветак. Вельмі прыемна, нават калі гэта дзьмухаўцы, ад якіх потым уся вопратка брудная.

Многія мамы мараць стаць сябрам свайму дзіцяці, многія дзеці мараць сябраваць з матуляй. Кацярына змагла пабудаваць даверлівыя адносіны з дочкамі і сынам.

– З Алесей мы сяброўкі, – адзначае Кацярына Шкадава. – Яна расказвае мне пра школьныя справы, дзеліцца сваімі перажываннямі, марамі і жаданнямі. Заўсёды цікаўлюся, як прайшоў дзень у Сашкі ў дзіцячым садку. Ён з ахвотай расказвае пра ўсё.

Па словах нашай гераіні, быць мамай – гэта, безумоўна, вялікая адказнасць, штодзённая карпатлівая праца, якая патрабуе неймавернага цярпення і душэўнай раўнавагі. Аднак усе трывогі і клопаты адыходзяць надругі план у той момант, калі цябе абдымаюць дзіцячыя рукі і ты чуеш ціхае:“Мамулечка, ты самая лепшая!”