Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

19 жніўня 2019

Сапраўдная Кветкавая казка, ці як у аграгарадку Аюцэвічы прайшоў фестываль кветак "Colours"

 У суботу аграгарадок Аюцавічы літаральна патанаў у сузор’і чароўных і духмяных кветак. У гасціннае мястэчка каля Мірскага замка завітала свята, якое нікога не пакінула абыякавым, а наадварот падарыла шмат усмешак, песняў і прыгажосці. Другі год запар госці і жыхары аграгарадка завіталі на пляцоўку каля школы, каб прыняць актыўны ўдзел у свяце кветак “Colours”.

І калі прымадонна савецкай эстрады спявала пра мільён пунсовых руж, то на свяце ў Аюцавічах гэта можна было рабіць пра шматлікія вяргіні, ліліі, гладыёлусы, астры і іншыя. Феерыя колераў і неверагодных пахаў быцца бы ахінала кожнага, хто ў гэты спякотны дзень завітаў на свята.

Пачалося мерапрыемства са слоў інспектара Мірскага сельсавета Таццяны Скок, якая павіншавала ўсіх прысутных і адзначыла важнасць такога цуда прыроды як кветкі: “Аднойчы адзін мудрэц сказаў, што чалавеку для шчасця патрэбна няшмат: неба, сонца і… кветкі. Мы бачым, што сёння сусвет падарыў нам гэта, таму давайце ўсміхнёмся адзін аднаму і пражывём гэты дзень з цеплынёю ў сэрцы”.

Таксама Таццянна Скок падзякавала жыхарам Аюцавіч за іх імкненне да прыгожосці, і за тое, што, ўпрыгожваючы свае падворкі, яны дзеляцца гэтым кветкавым чараўніцтвам з іншымі.

Падчас канцэртнай праграмы, якую зладзілі артысты Карэліцкага краю, праводзіліся шматлікія конкурсы, дзе кожны ўмелец мог прадэманстраваць сваё майстэрства. Так, напрыклад, дырэктар Мірскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Ведзянеева расказала пра свае кветкавыя кампазіцыі.

– Гэтую прыгажосць мы рабілі разам з дзеткамі падчас заняткаў. Штосьці зроблена з каляровай паперы, а штосьці – з сапраўдных газет. Вось гэтыя кошыкі, напрыклад, мы спачатку склейвалі, а потым фарбавалі – прыгожа атрымалася, праўда?

А атрымалася насамрэч цудоўна. Акрамя шматлікіх букетаў, карцін і жаночых упрыгожванняў можна было ўбачыць нават… веласіпеды, за лепшае афармленне якіх, дарэчы, змагаліся некалькі аматараў прыгажосці. У выніку журы адзначыла работы Кацярыны Маславай, Карыны Худаковай, Аляксандры Горбач і Святланы Нарбутовіч.

 

У намінацыіі “Лепшы жаночы аксесуар з кветак” Дыплом ІІІ ступені атрымала Серафіма Лазар, ганаровае другое месца заняла Дар’я Сілко, а пераможцам конкурсу была прызнана Ніна Бабко.

Акрамя спеваў, танцаў і інтэрактыўных гульняў парадавала гледачоў і дэфіле, удзельніцы якога прадэманстравалі прыгожыя ўборы з тых ці іншых кветак.

Напрыканцы свята былі падведзены вынікі на лепшую кампазіцыю, дзе Дыплом ІІІ ступені атрымала Наталля Нарбутовіч, Наталля Гаркавая стала срэбраным прызёрам, а лідарам кветкавага спаборніцтва была прызнана Анжаліка Шастак.