Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

20 верасня 2019

Не губляючы пазіцый. Прадукцыя Карэліцкага сырцэха сёмы раз апынулася лепшай на фестывалі ў Гродне

 На працягу ўжо сямі год запар наш абласны цэнтр называюць сапраўднай сырнай сталіцай. І нездарма. Кожны верасень гродзенцы адзначаюць Дзень горада, у рамках якога праходзіць адно з самых смачных і цікавых мерапрыемстваў – адкрыты фестываль сыру. Сёлета ён аб’яднаў у сабе дваццаць чатыры вытворцы з усёй рэспублікі, і, што немалаважна, Карэлічы таксама не засталіся за кулісамі.

Прадукцыя Карэліцкага сырцэха “Навагрудскія дары” філіяла ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” прымае ўдзел у фестывалі з самага пачатку, калі колькасць вытворцаў-удзельнікаў яшчэ не была такой шматлікай. Сёлета ж VII адкрыты фестываль сыру налічваў семдзесят пяць відаў, сярод якіх былі і зусім незвычайныя: з пажытнікам, труфелем, водарам чаромхі і карамелі. Але, нягледзячы на далікатэсы, якія мелі ўсе магчымасці атрымаць шматлікія дыпломы фестывалю, народнаму журы прыйшліся даспадобы тыя сыры, якім яны аддаюць перавагу ўжо не першы год.

– Дэгустацыя праводзілася “ўсляпую”: усе абразцы былі засакрэчаныя, – расказывае начальнік Карэліцкага сырцэха Ларыса Рапавец. – Што здзівіла і прыемна ўразіла, дык гэта тое, што людзі па адным толькі смаку вызначалі, што гэты, напрыклад, – карэліцкі “Адыгейскі”, а гэты – “Сулугуні”. Значыць, ведаюць. Значыць, любяць.

Аддаюць перавагу дарослыя і маленькія прадукцыі Карэліцкага сырцэха ўжо не першы год: кожную восень кіраўніцтва прадпрыемства вяртаецца з Гродна з узнагародамі, што з’яўляецца сведчаннем не толькі высокай якасці прадукцыі, але і самаадданасці і працавітасці работнікаў цэха. Зараз іх, дарэчы, пяцьдзясят чалавек.

Самую высокую ўзнагароду, Дыплом І ступені, атрымаў сыр “Адыгейскі класічны”, які з году ў год не губляе свае пазіцыі. Знешне гэты сыр, падобны да тварагу, можна ўжываць як асобна, так і рабіць з яго румяныя сырнікі альбо салаты – як душа пажадае. Яго бліжэйшы родзіч, “Адыгейскі вэнджаны”, далёка не адстаў і заняў другое месца ў намінацыі сярод сыроў з напаўняльнікамі, у тым ліку вэнджаных. Прафесійнае журы было больш строгім і прысудзіла “Адыгейскаму класічнаму” Дыплом ІІІ ступені. Але, улічваючы колькасць прадстаўленых на фестывалі відаў сыроў, можна смела гаварыць: гэта перамога.

– Штогод крэатыў і вынаходлівасць сыраробаў у краіне расце, – адзначае Ларыса Рапавец, – і сярод шматлікіх сыроў з труфелем або мёдам трымаць узровень такой класічнай прадукцыі як наша, вельмі цяжка. Але, як бачым, спажыўцы застаюцца вернымі і не праходзяць міма таго, што мы вырабляем для іх з такой любоўю.

З нагоды вельмі важнай даты – 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці, калектыў Карэліцкага сырцэха сваю перамогу прысвяціў менавіта гэтай падзеі, зрабіўшы значны ўнёсак у гісторыю любай Гродзеншчыны.

З гэтага года “Сулугуні” і “Адыгейскі вэнджаны” ад Карэліцкага сырцэха ўпершыню пастаўляюцца ва Украіну. Усяго ж па краіне тэмп росту экспарту сырнай прадукцыі за сем месяцаў бягучага года перавысіў 123%. Па дадзеных аператыўных справаздач Еўракамісіі, за студзень-ліпень 2019 года Беларусь уваходзіць у чацвёрку вядучых экспарцёраў сыру, саступаючы толькі Еўрапейскаму саюзу, ЗША і Новай Зеландыі.