Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

4 мая 2020

Напярэдадні Дня Перамогі ў Карэліцкім раёне ўручана 36 медалёў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням канцлагераў

 На працягу мінулага тыдня юбілейныя медалі “75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” ўручаны ветэранам вайны і былым вязням, што жывуць на Карэліччыне. Уладальнікамі памятных узнагарод сталі 36 сведкаў трагічных падзей ваеннага ліхалецця.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка і начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Шалін накіраваліся ў в. Мінакі Райцаўскага сельсавета, каб уручыць 97-гадоваму ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміру Канстанцінавічу Пліско юбілейны медаль і выказаць яму словы падзякі за праяўлены гераізм у змаганні супраць фашыстаў.

У маі 1944 года Уладзімір Пліско ўступіў у партызанскі атрад імя Якуба Коласа Першамайскай брыгады. У якасці разведчыка прымаў удзел у баявых дзеяннях у складзе III Беларускага фронту. Прайшоў усю Польшчу, вызваляў польскія гарады Беласток, Замброў, Ломжу і інш. Уладзімір Канстанцінавіч узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, “За баявыя заслугі”, юбілейнымі медалямі.

Успамінамі, якія назаўсёды засталіся ў памяці, падзялілася малалетні вязень Надзея Нікіфараўна Меляняка з Карэліч.

– Наша вёска Траскоўшчына, што пад Мінскам, была поўнасцю абнесена калючым дротам. Выпускалі нас, дзяцей, толькі пасці кароў, – расказвае Надзея Нікіфараўна. – Добра памятаю, як нямецкія самалёты ляцелі над зямлёй нізка-нізка. Раптам пачалі бамбіць. Побач рэчка была, у якую снарады так і “булькалі”. Здаецца, гэтыя гукі ў вушах стаяць і сёння. Шмат вясковай дзетвары падчас той бамбёжкі загінула.

Юбілейны медаль таксама ўручаны вязню фашысцкіх канцлагераў Алене Мацвееўне Цвірка з Карэліч.