Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

22 мая 2020

Часы ўсесаюзнай славы і ўпэўненыя крокі да новых поспехаў. КСУП "Племзавод Карэлічы" адзначае 80-гадовы юбілей

 На працягу дзесяцігоддзяў племзавод “Карэлічы” славіўся высокімі вытворчымі паказчыкамі, высока адзначанымі на дзяржаўным узроўні. Працоўныя традыцыі былых працаўнікоў гаспадаркі годна працягвае сучаснае пакаленне племзавадчан, дзякуючы стараннасці і адказнасці якіх гаспадарка з перспектывай глядзіць у будучыню і задзейнічае нявыкарыстаныя рэзервы ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі.

Жывёлавод КСУП «Племзавод Карэлічы» Аляксей Лункін, галоўны заатэхнік Валерый Мітлашкоў і жывёлавод Віктар Баран на пашы каля МТФ «Людвікава»

Вясновая вітамінізацыя для рагуль

Адна з магчымасцей павялічыць колькасныя і якасныя паказчыкі вытворчасці малака, якую не ўпускаюць у племзаводзе, — пераход на летне-пашавае ўтрыманне буйной рагатай жывёлы.

– У канцы красавіка рагулі выйшлі на пашу. Станоўчую дынаміку адчулі адразу: рэалізацыя малака за два тыдні павялічылася прыкладна на 2 тоны. Сёння ад каровы атрымліваем 16,6 кг малака. Гэта на 1,2 кг больш, чым у мінулым годзе. Плануем паступова нарошчваць тэмпы вытворчасці. У канцы мая сярэдні надой ад каровы павінен перавысіць 17 кг. Валавая вытворчасць малака з пачатку года складала 1665,5 т, альбо плюс 273 т да ўзроўню мінулага года, – расказвае галоўны заатэхнік КСУП “Племзавод Карэлічы” Валерый Мітлашкоў, набліжаючыся да статка кароў, якія з задавальненнем ласуюцца свежай травой на пашы каля МТФ “Людвікава”. – Правільная арганізацыя летне-пашавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы значна зніжае сабекошт малака. Да таго ж станоўча ўплывае на здароўе жывёл. Таму асобнымі групамі па складзеным графіку на пашу выганяем увесь статак, які ўтрымліваецца на ферме. А гэта 790 кароў.

Па словах галоўнага заатэхніка гаспадаркі, у вытворчасці малака няма другасных рэчаў. Нязменнай застаецца формула “4К” – каровы, кармы, кадры і камфорт. Апошняй складаючай формулы вялікага малака ў племзаводзе надзяляецца значная ўвага. У мінулым годзе завершана рэканструкцыя кароўніка на 195 месцаў, на якую было затрачана каля 200 тысяч асабістых сродкаў. У выніку прывязное ўтрыманне жывёл заменена на беспрывязное, выкананы ўсе патрабаванні рэгламента ўтрымання пагалоўя, палепшаны ўмовы працы работнікаў фермы. На сённяшні дзень вядуцца работы па рэканструкцыі цялятніка для маладняку да 70-дзённага ўзросту, кожны з якіх у хуткім часе будзе мець індывідуальную клетку.

15 мая працаўнікі племзавода прыступілі да адной з самых адказных кампаній аграрнага года – корманарыхтоўчай.

– Традыцыйна стаўку робім на першы ўкос. Зараз вельмі важна не прапусціць адказны момант пачатку касавіцы. Бо пераспелая зялёная маса страчвае сваю харчовую каштоўнасць, – дзеліцца дырэктар КСУП “Племзавод Карэлічы” Сяргей Брынкевіч. – Люцэрна ўваходзіць у фазу бутанізацыі. Таму сёння самы аптымальны час касіць яе і закладваць сянаж у траншэі. Увогуле для паспяховай зімоўкі нам неабходна нарыхтаваць 10 тысяч тон сенажу, 9 тысяч тон сіласу, 700 тон сена. У мінулым годзе нашы поспехі ў корманарыхтоўчай кампаніі былі адзначаны рэспубліканскай прафсаюзнай узнагародай, што, безумоўна, стала добрым стымулам для плённай працы ў бягучым годзе.

Трактарыст-машыніст КСУП «Племзавод Карэлічы» Андрэй Ківель

Выйгрышны тандэм кіраўніка і працаўніка

Аграрыі племзавода могуць смела ганарыцца поспехамі ў раслінаводстве. У 2019 годзе валавы збор зерневых і зернебабовых культур склаў 5199 т у вазе пасля дапрацоўкі пры сярэдняй ураджайнасці 64,3 ц/га, цукровых буракоў на плошчы 200 га – 10024 т пры ўраджайнасці 501 ц/га. Са 100 га рапсу атрымалі 291 т алейных зярнят, узяўшы 29,1 ц з кожнага.

– Задзел пад ураджай бягучага года зрабілі мінулай восенню. У неабходныя тэрміны правялі ўсе агратэхнічныя мерапрыемствы, унеслі поўны комплекс угнаенняў. Сродкі для апрацоўкі раслін, абароны іх ад шкоднікаў і пустазелля – усё ў дастатку, – расказвае Сяргей Брынкевіч. – Вясенняя пасяўная ў гаспадарцы прайшла добра, як кажуць, на адным дыханні. Аграрыі адпрацавалі старанна, ды і тэхніка не падвяла. На сённяшні дзень корманарыхтоўчая тэхніка поўнасцю гатова да зялёнага жніва. Сёлета набылі новую касілку. На гэтым тыдні забяром два прычэпы ПСС-10 з камплектам зменных адаптараў для ўнясення арганічных угнаенняў, набытых у лізінг. Закупілі запчасткі для зернеўборачных камбайнаў. Зараз усе надзеі на добрае надвор’е, якое, спадзяёмся, паспрыяе багатаму ўраджаю зерневых.

Кіраўніцтва гаспадаркі надзяляе значную ўвагу ўмовам працы і адпачынку механізатараў. З пачатку вясенніх палявых работ аграрыі забяспечваюцца гарачым харчаваннем, якое гатуецца ў новай сталовай. Пустуючыя памяшканні ў Доме механізатараў пераўтварыліся ў сучасны харчаблок і ўтульную абедзенную залу. На рамонтныя работы затрачана больш за 50 тысяч рублёў.

У КСУП “Племзавод Карэлічы” працуюць 135 чалавек, сярэднямесячны заробак якіх складае 715 рублёў. Кіраўніцтва гаспадаркі забяспечвае працаўнікоў аб’ёмам работ. Племзавадчане ж адказна ставяцца да сваіх абавязкаў. У выніку атрымліваецца выйгрышны тандэм дальнабачнага кіраўніка і стараннага працаўніка, які і спрыяе вытворчым поспехам сельгаспрадпрыемства.

Механізатар племзавода «Карэлічы» Аляксандр Лявыкін

Вядомы на ўвесь Савецкі Саюз

Багатая біяграфія КСУП “Племзавод Карэлічы” бярэ пачатак у красавіку 1940 года, калі ў вёсцы Палужжа быў арганізаваны калгас імя Варашылава, на базе аддзяленняў “Карэлічы” і “Шчорсы” – саўгас “Карэлічы”. У гэтым жа годзе саўгас пад кіраўніцтвам дырэктара Мікалая Войтава атрымаў нядрэнны ўраджай сельгаскультур: кожны з 465 га збожжавых даў па 17,8 ц. З 42 га бульбы сабрана 192,7 ц. На адну карову надаілі тут у сярэднім па 3060 літраў малака. Па выніках работы за 1940 г. саўгас “Карэлічы” быў зацверджаны ўдзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі 1941 г.

6 ліпеня 1949 года ўтвораны калгас імя Карла Маркса ў вёсцы Равіны. У канцы жніўня гэтага ж года адноўлены калгас імя Варашылава, які перайменаваны ў “Зару Камунізму”. У вёсцы Качычы ўтварыўся калгас “Кастрычнік”, у Савашах – “Праўда”, у Навасёлках – калгас імя Пушкіна.

Летам 1951 года калгасы імя Карла Маркса, “Кастрычнік” і імя Пушкіна аб’ядналіся з калгасам “Зара Камунізму”. Да іх таксама далучылася “Чырвоная зорка”, гаспадарка ў в. Горныя Руткавічы. 26 студзеня 1971 года саўгас “Карэлічы”, калгасы “Зара Камунізму” і “Праўда” аб’яднаны ў племсаўгас “Карэлічы”, які 23 снежня 1972 года перайменаваны ў племзавод “Карэлічы”. У 2003 годзе гаспадарка рэарганізавана ў рэспубліканскае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства племзавод “Карэлічы”, праз сем гадоў перайменавана ў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Племзавод Карэлічы”.

У розныя гады на чале сельгаспрадпрыемства стаялі дальнабачныя і ініцыятыўныя кіраўнікі: Герой Сацыялістычнай Працы Яфім Фаменка; Павел Буслейка; Аркадзій Віткоўскі; Піліп Богуш; Валерый Чыжык; Ігар Жданаў.

З 2014 года КСУП “Племзавод Карэлічы” ўзначальвае Сяргей Брынкевіч.

Даяркі племзавода ў Зорным гарадку

За 80 гадоў існавання племзавод “Карэлічы” неаднаразова быў удастоены высокіх дзяржаўных узнагарод. У 1972 годзе гаспадарка ўзнагароджана Ганаровай граматай ЦК КПБ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Савета міністраў БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў. У 1974 годзе сельгаспрадпрыемства стала пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва з атрыманнем пераходзячага Чырвонага Сцяга Савета Міністраў БССР. Праз чатыры гады племзавод “Карэлічы” ў чарговы раз стаў пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва з уручэннем пераходзячага Чырвонага Сцяга ЦК КПСС, Савета міністраў СССР, Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесіянальных саюзаў.

Не сакрэт, что за ўсімі паказчыкамі і дасягненнямі стаіць чалавек, просты працаўнік. Племзавод заўсёды ганарыўся ініцыятыўнымі і адказнымі кадрамі. Шэрагу працаўнікоў гаспадаркі ўручаны высокія дзяржаўныя ўзнагароды. У гады адзінаццатай пяцігодкі (1981-1985 гг.) звання Героя Сацыялістычнай Працы ўдастоены былы дырэктар саўгаса “Карэлічы” Яфім Фаменка, памочнік брыгадзіра фермы Таццяна Арда і аператар машыннага даення Тамара Чубрык. Даглядчык цялят Пётр Кучынскі ўдастоены звання лаўрэата Ленінскай прэміі. Двума ордэнамі Леніна ўзнагароджана даярка Алена Федаркевіч. Дырэктар племзавода Аркадзій Віткоўскі ўдастоены звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі”. Усяго ў гаспадарцы ордэнамі і медалямі былі ўзнагароджаны 63 чалавекі.

Героі Сацыялістычнай Працы Тамара Чубрык і Таццяна Арда

Пісаць пра гісторыю развіцця і станаўлення, поспехі і дасягненнні племзавода можна шмат. Аднак ніякія сухія звесткі з кніг і энцыклапедый не параўнаюцца з жывымі ўспамінамі сведкі трыумфальных для гаспадаркі гадоў – Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага ветэрана працы Карэліччыны Таццяны Рыгораўны Арды.

– Час працы ў племзаводзе ўспамінаю з настальгіяй і гонарам. Мне пашчасціла працаваць побач з мудрым і дальнабачным кіраўніком Героем Сацыялістычнай Працы Яфімам Фаменкам. Безумоўна, нялёгка было ў тыя часы. Працоўны дзень пачынаўся ў чатыры гадзіны раніцы. Нягледзячы на ручную працу, мы мелі добрыя вынікі: у маёй групе карова давала каля 5500 кг малака. Добра памятаю, як да нас на ферму прыйшла працаваць даяркай Тамара Чубрык, якая таксама ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. У той час я брыгадзірам была. Адказная яна была, старанная, ніякіх заўваг да працы Тамары Чубрык не было. Надоі ў яе групе вельмі высокія былі, каля 6 тысяч малака на карову. У той час першыя даільныя апараты пачалі з’яўляцца. Неаднаразова Тамара Чубрык вазіла племянных рагуль на ВДНГ у Маскву. Кожная чарговая перамога, узнагарода племзавода станавілася добрым стымулам для далейшай плённай працы. Вельмі прыемна, што я была знаёма з такімі людзьмі, а наш племзавод быў вядомы на ўвесь Савецкі Саюз.