Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231430, г.п. Кореличи,
пл. 17 Сентября, 9
Электронная почта:
korelichi@mail.grodno.by
Телефон: 8-(1596)-2-18-24
Факс: ***

7 сентября 2020

В день профессионального праздника рассказываем об успехах и достижениях коллектива Кореличского района газоснабжения

 У першую нядзелю верасня шчырыя віншаванні і словы падзякі за працу традыцыйна адрасуюцца работнікам нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Бясспрэчна тое, што газ у нашых дамах – гэта крыніца цяпла, камфорту і ўтульнасці. Да таго ж блакітнае паліва шырока выкарыстоўваецца ў вытворчай сферы. З якімі паказчыкамі і настроем падыходзіць да прафесійнага свята калектыў Карэліцкага раёна газазабеспячэння ВУ “Лідагаз”, дзеліцца начальнік арганізацыі Мікалай Радзецкі.

– Штогод калектыў Карэліцкага раёна газазабеспячэння паспяхова спраўляецца са сваёй галоўнай задачай – ажыццяўленнем бесперабойнага, безаварыйнага газазабеспячэння ўсіх спажыўцоў Карэліччыны, – адзначае Мікалай Радзецкі. – На сённяшні дзень у раёне налічваецца 3570 спажыўцоў, якія карыстаюцца звадкаваным газам у балонах, 6160 – прыродным. За 8 месяцаў бягучага года рэалізавана 11,5 млн метраў кубічных прыроднага газу, у тым ліку 5,1 млн насельніцтву, 138 тон – звадкаванага ў балонах. Усяго на абслугоўванні карэліцкіх газавікоў знаходзіцца 391,4 км газаправодаў, 16 газарэгулятарных пунктаў і 49 шафных газарэгулятарных пунктаў.

Слесары аварыйна-аднаўленчых работ Васіль Врубель і Уладзімір Логіш шмат гадоў на варце нашай бяспекі

Не сакрэт, што за кожнай лічбай і выкананым паказчыкам стаіць штодзённая добрасумленная праца калектыву арганізацыі. Гэта 53 чалавекі, якія забяспечваюць зладжаную работу ўсіх службаў Карэліцкага раёна газазабеспячэння, – аварыйна-дыспетчарскай, эксплуатацыі падземных газаправодаў і збудаванняў на іх, службы ўнутрыдамавога газавага абсталявання, аўтатранспартнага ўчастка.
– Напярэдадні прафесійнага свята нельга не выказаць словы падзякі за працу ветэранам галіны, якія прысвяцілі два і нават тры дзясяткі гадоў нашай агульнай справе, – адзначае Мікалай Радзецкі. – Гэта былыя работнікі арганізацыі Вацлаў Врубель, Рэгіна Уласевіч, Галіна Кавалеўская, Людміла Сілко, Мікалай Сатыга, Сцяпан Юшчанка, Канстанцін Рахманько і інш. Менавіта іх напрацаваны вопыт стаў выдатнай базай для паспяховай працы сённяшняга пакалення карэліцкіх газавікоў, якім мы ганарымся. На Дошку пашаны ВУ “Гроднааблгаз” занесена імя слесара аварыйна-аднаўленчых работ у галіне газазабеспячэння Уладзіміра Логіша, ВУ “Лідагаз” – кантралёра газавай гаспадаркі Наталлі Манкевіч і майстра Мікалая Рытуса. Напярэдадні прафесійнага свята Падзякі дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белпалівагаз” удастоены галоўны інжынер Карэліцкага раёна газазабеспячэння Вячаслаў Шавейка, Ганаровай граматы ВУ “Лідагаз” – слесар аварыйна-аднаўленчых работ Юрый Шабан.
Слесар аварыйна-аднаўленчых работ Уладзімір Логіш, чый партрэт сёлета занесены на Дошку пашаны ВУ “Гроднааблгаз”, – яркі прыклад спалучэння запалу маладосці і энергіі з прафесіяналізмам і адказным стаўленнем да службовых абавязкаў. Працоўны стаж газавіка бярэ адлік з 2 лютага 2012 года. Спачатку працаваў слесарам па абслугоўванні і рамонце вонкавых газаправодаў, апошнія пяць гадоў – слесарам аварыйна-аднаўленчых работ.

– Калі ў дыспетчарскую службу паступае званок і чалавек сцвярджае, што ў яго квартэры альбо доме адчувальны пах газу, адразу рэагуем, выязджаем на месца, вызначаем, дзе знаходзіцца ўцечка газу, і прыступаем да яе ліквідацыі. Усе нашы дзеянні падпарадкаваны дзеючым інструкцыям, – расказвае Уладзімір Логіш. – У аварыйных сітуацыях важныя аператыўнасць, сабранасць і дакладнасць дзеянняў. Страху і разгубленасці не павінна быць. Адна справа, калі ў дыспетчарскую тэлефануе ўладальнік прыватнай сядзібы, іншая – жыхар шматкватэрнага дома. Зразумела, у апошнім выпадку на твае плечы кладзецца адказнасць за жыццё многіх людзей.

Акрамя рэагавання на аварыйныя сітуацыі, у сферу працоўнай дзейнасці слесара аварыйна-аднаўленчых работ таксама ўваходзяць рамонт і замена газавага абсталявання, зняцце і ўстаноўка газавых лічыльнікаў пасля паверкі.

Уладзімір Логіш не толькі адказны і добрасумленны работнік, але і своеасаблівы спартыўны сімвал Карэліцкага раёна газазабеспячэння.

– Са спортам сябрую са школьных гадоў. Штогод прымаў удзел у раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, – расказвае Уладзімір Логіш. – Апошнія некалькі гадоў прадстаўляю нашу арганізацыю на абласной летняй спартакіядзе. У 2016 годзе заваяваў бронзавую ўзнагароду, у 2017 і 2018 гадах узяў серабро. На мой погляд, вынікі неблагія. Аднак ёсць да чаго імкнуцца.

Яшчэ адным маім субяседнікам стаў прадаўжальнік сямейнай працоўнай традыцыі, ветэран газавай службы Васіль Врубель, які адпрацаваў у Карэліцкім раёне газазабеспячэння 23 гады. Сёння слесар аварыйна-аднаўленчых работ годна працягвае справу жыцця бацькі Вацлава Врубеля, які з 1986 па 2005 гады стаяў на чале газавай службы раёна.

– На працу ў Карэліцкі раён газазабеспячэння прыйшоў адразу пасля службы ў арміі. Пасля паўтарамесячнага навучання ў вучэбным камбінаце ў Гродне прайшоў вытворчую практыку, здаў экзамен і прыступіў да працы, – расказвае Васіль Врубель. – Зразумела, практычныя навыкі дапамагалі засвойваць старэйшыя калегі. Першы час працаваў пад настаўніцтвам слесара Аляксандра Мелюха, які пазнаёміў мяне са спецыфікай працы ў газавай галіне. Увогуле калектыў у нас згуртаваны, дружны. Калі на працу прыходзіць малады работнік, заўсёды падтрымаем яго і дапаможам уліцца ў прафесію.
У тым, што работа газавіка адказная, сумнявацца не прыходзіцца. Па словах Васіля Врубеля, з газам лепш не жартаваць, а да абслугоўвання газавага абсталявання трэба падыходзіць з поўнай сур’ёзнасцю.
– Невыкананне правіл бяспекі пры карыстанні газам можа прывесці да страшэнных наступстваў – пажараў, выбухаў, атручвання ўгарным газам. З газавым абсталяваннем павінен працаваць толькі работнік Карэліцкага раёна газазабеспячэння. Ніякай самадзейнасці, як кажуць, нельга дапускаць. Увогуле, кожнай справай павінен займацца толькі спецыяліст.