Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231430, г.п. Кореличи,
пл. 17 Сентября, 9
Электронная почта:
korelichi@mail.grodno.by
Телефон: 8-(1596)-2-18-24
Факс: ***

13 октября 2021

Поэтесса, певица, композитор, педагог… Светлана Монич представила сборник стихов «За дзедавай хатаю»

 

Паэтка, спявачка, кампазітар, педагог… Нездарма кажуць: чалавек таленавіты — таленавіты ва ўсім. А яшчэ — шматдзетная маці, цудоўная гаспадыня, прыгожая жанчына з чароўнай усмешкай. Усё гэта пра яе, Святлану Моніч, якая шчодра дорыць свае таленты карэліцкай зямлі. А на днях зрабіла шыкоўны падарунак малой радзіме — зборнік вершаў “За дзедавай хатаю”, прэзентацыя якога адбылася ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў.

Вершы — ад любові

   Кнігу “За дзедавай хатаю” Святлана прысвяціла самаму шчасліваму перыяду свайго жыцця — дзяцінству, якое, як і ў большасці з нас, праходзіла ў вёсцы. На Навагрудчыне ў Святланы іх было адразу дзве — Антонаўка, дзе жылі дзядуля Міхаіл і бабуля Валя, і Паўбераг, дзе ў бабулі Ніны ўнукі бавілі ўсе канікулы і выхадныя. Менавіта гэтыя людзі, а яшчэ вяскоўцы, у якіх была неадольная цяга да працы, празмерная, часам нават смешная дабрыня, і пасеялі ў дзяўчынцы творчае зярнятка, якое ўзышло буйным і залатым калоссем таленту на радасць аматарам паэзіі.

Бабуля Валя славілася на ўсю вёску цудоўным голасам, працавітасцю ды ўменнем убірацца не горш за гарадскіх. Дзіўна, але за безліччу дамашніх спраў (у гаспадарцы было тры каровы, свінні, птушка, зямля) яна не губляла добрага настрою, гумару і часта спявала ўнучцы народныя песні.

Гадзіна праляцела —

   Унучка з бабай пела.

   А дзед наш, рот закрыўшы,

   Адно ўздыхнуў і выйшаў…

   У кажушку авечым

   Прыснуў зімовы вечар…

   Бы зорка з фестывалю

   Спявала баба Валя…

   (“Песні бабы Валі”)

Гэтыя песні не прапалі ў віхуры гадоў, не зніклі, а захаваліся ў памяці Святланы, і яна перадала іх сваім дзецям. Разам з дачкой Яраславай на прэзентацыі адну з іх выканала пад уласны акампанемент на баяне.

І сёння Святлана памятае безліч пацерак у хаце бабулі, якія яна не толькі з густам насіла, але і ўпрыгожвала імі хату. Гэтак жа робіць цяпер і ўнучка.

Колькі людзям патрэбна для

                                      шчасця?

   Аднаму — гэты носік

                                  кірпаценькі,

   А другому, як тому дзіцяці, —

   Каляровыя, лёгкія пацеркі.

(“Пацеркі”)

Дзядуля Міхаіл Сафронавіч валодаў надзвычай добрым норавам і як ніхто іншы разумеў жывёльны свет. Як успамін пра яго і добрая ўсмешка — верш “Пятровіч”:

Уголас дзед смяяўся:

   — Нясіце мне вады!

   Дзе гусь? Ізноў схаваўся?

   Ану ідзі сюды!

   На прыступках, пад вечар,

   Як добры быў настрой,

   Мянушкай чалавечай

   Гукаў: “Пятровіч, гой!”

   Чаму? Ніхто не ведаў…

   Ды толькі з-за вуглоў

   Глядзелі, як да дзеда

   Вяртаўся зноў і зноў

   Аднекуль, ціхай сапай,

   Чапляючы хмызняк,

   На дужых, моцных лапах

   Адкормлены гусак!

Верш “Як на свята” Святлана прысвяціла сваёй другой бабулі Ніне з Паўберага. Чытаеш яго — і перад вачыма ажываюць малюнкі: “і прыбрана, і ўтульна, падыходзіць цеста”, “а ў вугле пад абразамі для дзяцей і ўнукаў сто шкарпэтак навязалі залатыя рукі…”.

…Свой першы верш Святлана напісала ў 8 гадоў, а далей ужо проста не магла не пісаць. Пачутае і ўбачанае складвалася ў паэтычную мелодыю, галоўнае было — паспець занатаваць. Вось і хадзіла дзяўчынка і ў радоўку, і ў хляўчук, і на сенакос з алоўкам ды паперай. Ужо ў школе ўсе сачыненні пісала толькі ў вершаванай форме, так лепш атрымлівалася. І настаўніца рускай мовы Алена Вярбіцкая паказала яе вершы кіраўніку літаратурнага аб’яднання “Рэчанька” пры раённай газеце “Полымя” Галіне Калтуновай. Так вершы паэткі-школьніцы пабачылі свет. Затым, ужо ў больш сталым узросце, Святлана Моніч выпусціла свой першы зборнік “Люби меня, счастье”, пазней — “Мальчики и девочки”.

   Музыкі чароўны свет

   Пытанне: кім быць? перад Святланай доўга не стаяла. Аднойчы яна пачула ігру вясковага баяніста Мікалая Валянцінавіча Спагара, ці, як яго называлі ў вёсцы, Валянцінавіча — і сказала бабулі: іду “на баян”!

Бывае, зямля нараджае

                                брыльянт…

   У вёсачцы нашай жыў-быў

                                   музыкант.

   З гармонікам-сябрам хадзіў

                                    да людзей.

   Сабе ў сваёй хатцы іграў ён

                                         радзей.

   Быў просты і людзям аддана

                                        служыў.

   А што ён нажыў? А тое

                                         нажыў:

   Хто ведаў яго — не

                        забудзецца век —

   Вялікай душы гэта быў

                                      чалавек!

(“Вялікай душы музыкант”)

Святлана закончыла Лідскае музычнае вучылішча па класу баян і ўжо некалькі гадоў выкладае ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў. Сярод яе вучняў — сын Міша, які стаў першым у гісторыі школы мастацтваў стыпендыятам фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Дачка Яраслава таксама музыкант, Марыя — мастачка. Часта яны ладзяць дамашнія канцэрты, як калісьці гэта было ў адной з вясковых хат Антонаўкі і Паўберага.

Спяваючы на сцэне, Святлана скарае гледачоў сваім празрыстым высокім голасам, ён трапляе прама ў душу. Яна жыве на сцэне, як сапраўдная артыстка, кожны раз па-майстэрску пераўвасабляючыся.

Увогуле вершы ў яе пішуцца адразу з музыкай, такім чынам пераўтвараючыся ў песні. Нараджаецца і інструментальная музыка. Некалькі разоў Святлана перамагала ў конкурсах аўтарскай песні.

Гімн роднай зямлі

   Тут я жыву. І тут мой дом.

   Гасцей частую за сталом.

   За мір, за дзень, за спеўны

                                             звон,

   Зямля мая, табе — паклон!..

   (“Гімн роднай зямлі”)

Менавіта такія радкі гучалі ў сэрцы кожнага, хто прыйшоў на прэзентацыю новай кнігі, каб раздзяліць радасць з паэткай. Сапраўды, не мае значэння:  Навагрудчына ці Карэліччына, ці якая іншая мясціна  стала тваёй малой радзімай, галоўнае, што тут ты адчуваеш сябе шчаслівым.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Санчук нагадала, што вершы, якія пазней увайшлі ў зборнік “За дзедавай хатаю”, спачатку трапілі да тагачаснага намесніка старшыні райвыканкама Руслана Абрамчыка.

— Патрэбна было выбраць лепшыя творы, якія складуць зборнік, і зрабіць гэта было немагчыма: усе вершы былі цудоўныя, — адзначыла яна.

Дырэктар СШ № 1 г.п. Карэлічы і любімы настаўнік Святланы  Алена Вярбіцкая сказала, што ў яе вершах заўсёды былі пяшчота, цеплыня і дабрыня, таму іх часта зачытвалі перад усім класам. Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх запэўніла, што зборнік “За дзедавай хатаю” зойме пачэснае месца сярод лепшых кніг пра малую радзіму. Прывітальны адрас даслала і Галіна Калтунова. У ім гаварылася, што “Бог надзяліў аўтарку вялікім талентам, самабытным, непаўторным, запамінальным, талентам быць сапраўдным паэтам”.

Сама ж Святлана на развітанне прызналася, што вершаў у яе яшчэ багата, не на адзін зборнік. Ужо амаль гатова кніга “Гісторыі на ноч” для дзяцей, якія патрэбна чытаць пад музыку. Ёсць цэлы збонік вершаў пра каханне. А наперадзе — яшчэ вершы, і яны будуць пра тое, што адчувае кожны з нас.

СВЯТОЧНАЯ ФОТАГАЛЕРЭЯ