Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231430, г.п. Кореличи,
пл. 17 Сентября, 9
Электронная почта:
korelichi@mail.grodno.by
Телефон: 8-(1596)-2-18-24
Факс: ***

30 июля 2020

Газета «Звязда» распавядае, як праходзіць жніво ў Карэліцкім раёне

 Штодня камбайнер Сяргей ЯКІМАЎ і яго памочнік Аляксандр ДЗЯЛЁЎ шчыруюць на палях калгаса «Чарняхоўскі-Агра» Карэліцкага раёна на сваім «Палессі». За два-тры тыдні трэба паспець сабраць з палеткаў увесь хлеб. Гэтымі днямі яны працуюць на ячменным полі. Культура, кажуць, капрызная да вільгаці: толькі раса пачне брацца, ячмень ужо жаць нельга — вельмі хутка ён пачынае сырэць.

— Зранку ўвесь камбайн правяраецца, змазваецца ды чысціцца, і ўжо а палове дзясятай мы ў полі. Ячмень якраз да гэтага часу падсыхае, і яго можна збіраць, — кажа камбайнер. — Колькасць сабранага дзень на дзень не прыходзіцца — усё ад надвор’я залежыць. Але ж падчас уборачнай мы ўвесь пагодны час на полі. Цяжка, але ж прывыкаеш. Дадому прыйдзеш, паспіш — і зноў па новай. Восем гадоў таму я ўжо працаваў на камбайне, дык пасля ўвесь час, дзе б ні ўбачыў яго, — аж душа цягнулася за руль ізноў сесці.

З 21 ліпеня экіпаж намалаціў ужо каля 400 тон. Сяргей Якімаў у раёне прыезджы, працуе ў калгасе з мая гэтага года, але ўжо ўцягнуўся ў работу. З жонкай атрымалі жыллё і перспектывы на будучыню. Сын працуе на збожжасушылцы, дачка з’ехала замуж у Барысаў. Дагэтуль, кажа камбайнер, па гаспадарках усёй краіны паматаўся і на прыватнікаў папрацаваў. Але ж захацелася пэўнай стабільнасці, ды і стаміўся, вось і прыбіўся да сельскагаспадарчага берага.

Аляксандр Дзялёў (малады ды нежанаты) — тутэйшы, нарадзіўся ў аграгарадку Турэц, тут жа і жыве, і працуе — памочнікам камбайнера ўлетку, механікам сельскагаспадарчых машын — у астатні час. Скончыў Жыровіцкі аграрны каледж, завочна паступіў вучыцца ў Баранавічы на інжынера. Хлопец сочыць, як напаўняецца бункер, ды глядзіць, каб жняярка дзе на якую купіну ці камень не наскочыла. «Гэты ж яравы ячмень, а не азімы, таму тут зямля мякчэйшая, больш рухаецца. Трэба пільна сачыць за паверхняй», — кажа ён.