Афіцыйны сайт
13 красавіка 2020

Вербная нядзеля па добрай традыцыі сабрала разам праваслаўных карэліччан

 

Вербная нядзеля заўжды адклікаецца ў сэрцах вернікаў асаблівай радасцю. Мы працягваем жыць Вялікім постам, але душа ўжо пачынае святкаваць Вялікдзень, да якога застаецца зусім мала дзён. Пра гэта кажуць і так старанна ды хораша ўпрыгожаныя галінкі вярбы ў руках дзетак і дарослых. А які сэнс яны яшчэ нясуць нам, у натхняльнай прамове распавёў благачынны Карэліцкай акругі, настаяцель Свята-Петрапаўлаўскага храма протаіерэй Мікалай Орса:

– Сёння мы святкуем Уваход Ісуса Хрыста ў Ерузалем. Але давайце спытаем сябе, з чым Ён зараз, у Вербную нядзелю, уваходзіць да кожнага з нас? Вядома, з Добрай Навіной. А яшчэ са сведчаннем, што Бог ёсць любоў. І зараз, калі адусюль прыходзяць трывожныя весткі, асабліва важна імкнуцца жыць логікай любові і Божым законам. Вядома, няпроста часам не падаць духам. Але зірніце на вярбу ў сваіх руках. Вось ён – сімвал жыцця. Гэтыя галінкі яшчэ некалькі месяцаў таму былі нібы мёртвыя, а зараз прыйшла вясна, і яны абудзіліся ад зімовага сну. Памятайце, усё дрэннае мінае, і сіла жыцця заўжды перамагае любую бяду. Таму ў хвіліны выпрабаванняў будзем самі моцнымі і адначасова сваёй верай і любоўю ўзмацняць тых, хто побач. А яшчэ станем праяўляць больш чуласці і ўважлівасці да Бога і да бліжняга. Няхай тыя цярпенні, што зараз выпалі на нашу долю, зробяць нас лепшымі, годнымі Нябеснага Валадарства, каб, прыходзячы ў храм, мы асвячалі не толькі вярбу, але і ўсё сваё жыццё Богам.