Афіцыйны сайт
18 чэрвеня 2019

Статут ВКЛ 1588 года, сустрэчы з любімымі аўтарамі, навінкі беларускай літаратуры. Свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» стала для прысутных сапраўдным «бестселерам»

 Больш за 20 вядучых выдавецтваў Беларусі, эксклюзіўныя выданні, топавыя аўтары і новыя імёны. На адзін дзень, 15 чэрвеня, Мірскі замак ператварыўся ў кніжную сталіцу нашай краіны.

У прывітальнай прамове намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі падкрэсліў гістарычнае значэнне культурнай падзеі і тое, што ў адным з самых славутых месцаў нашай краіны ўпершыню адбываецца настолькі маштабны кніжны фэст. Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык таксама звярнуў увагу на шматлікіх гасцей свята, вялікую разнастайнасць прадстаўленай літаратуры і багатую праграму. А дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Лойка як гасцінны гаспадар сардэчна прывітаў яе Вялікасць Кнігу і выказаў надзею, што фэст будзе добрай традыцыяй і надалей.

Таксама галоўная сцэнічная пляцоўка стала месцам прэзентацый кніг беларускіх і расійскіх аўтараў з аўтограф-сесіямі. Вялікі інтарэс у публікі выклікалі такія выданні, як “Гісторыя Мірскага замка” Анатоля Бутэвіча, “Песняры” Уладзіслава Місевіча, “Vale!” Кніга пра род і лёс Магдаліны Радзівіл” Віктара Хурсіка. Сваіх чытачоў знайшлі кнігі пра Вялікую Айчынную вайну выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”, творы Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа, Валерыя Казакова, Мікалая Ефімовіча і іншых яскравых прадстаўнікоў кніжнага свету нашай краіны і блізкага замежжа.