Афіцыйны сайт
21 верасня 2020

Карэліцкія льноводы перасягнулі экватар уборкі з добрай ураджайнасцю і высокім нумарам ільнотрасты

 За 5 гадоў працы на Карэліцкім льнозаводзе вадзіцель Аляксандр Сачко зарэкамендаваў сябе як добрасумленны, старанны і ўмелы работнік, які карыстаецца павагай у кіраўніцтва і аўтарытэтам сярод калег. Чарговым прызнаннем працоўных заслуг вадзіцеля стала прафсаюзная ўзнагарода – Падзячнае пісьмо райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовы сертыфікат.

25 гадоў за рулём малакавоза ў Карэліцкай сельгастэхніцы, яшчэ пару – у якасці дальнабойшчыка ў кабіне вялікагрузнай фуры, апошняя пяцігодка – вадзіцель ААТ “Карэлічы-Лён”. Усё жыццё Аляксандра Сачко прайшло ў дарозе, а палічыць колькасць праеханых кіламетраў наўрад ці атрымаецца.

– Работу, якой ты заняты, трэба любіць. Я ж вельмі люблю дарогу, рух, тэхніку, – дзеліцца Аляксандр Сачко. – Зразумела, да жыцця ў кабіне трэба прывыкнуць. Але, калі ты ўжо прывык, ад работы атрымліваеш адно задавальненне. Зараз з ранку да вечара перавожу льнотрасту з палёў на льнозавод. Вось на гадзінніку 9 раніцы, а я ўжо рэйс зрабіў. Колькі іх яшчэ будзе за дзень, не магу сказаць. Зразумела, уборка – напружаная пара, падчас якой нам трэба працаваць у камандзе. Без гэтага нікуды. Прызнаюся, вельмі прыемна атрымаць узнагароду і ведаць, што тваю работу цэняць.

Па тэрыторыі льнозавода амаль бесперапынна снуюць гружаныя сыравінай аўтамабілі: уборка льнянога ўраджаю ў самым разгары.

– Экватар уборачнай кампаніі мы перасягнулі. З запланаваных 1950 га льнотрасту ўбралі на 1095 га, – расказвае дырэктар ААТ “Карэлічы-Лён” Фёдар Жук. – Адразу скажу, што ў гэтым годзе ўборка зацягнулася. Пасля цераблення паўночнага шоўку доўгі час не было вільгаці – ні дажджоў, ні росаў. Таму працэс вылежвання льнотрасты не адбываўся. Аднак пасля багатых ападкаў амаль уся сыравіна дайшла да неабходнай кандыцыі. Адпаведна яе можна было ўбіраць. Вось тут мы задзейнічалі ўсе прэс-падборшчыкі і машыны на адвозцы. Сёння наша асноўная задача – як мага хутчэй перавезці сыравіну з палёў пад шаху. Калі пойдуць зацяжныя дажджы, мы згубім якасць доўгага валакна. Да таго ж зараз мехатрад прыступіў да ўборкі больш ураджайных участкаў на маякоўскай, малюшыцкай, цырынскай землях. Таму тэмпы ўборкі крыху знізіліся. За дзень убіраем каля 50-55 га.

На сённяшні дзень карэліцкія льнаводы ўжо дасягнулі леташніх паказчыкаў. Ураджайнасць ільнотрасты складае 43,6 ц/га, ільновалакна – 13,2 ц/га. Сярэдні нумар нарыхтаванай ільнотрасты – 1,07. Аднак аб канчатковых выніках уборкі, ад якіх залежыць работа ўсяго прадпрыемства на працягу цэлага года, гаварыць яшчэ вельмі рана. Уборачная кампанія на льняных палях раёна працягваецца.

Аксана ЯНУШ