Афіцыйны сайт
2 верасня 2019

Гайда ў фестывальную вандроўку, альбо Прыгоды карэліччан на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме

 Самы шчаслівы дзень для журналіста, упэўнена на 100 адсоткаў, той, які праходзіць у цікавай дарозе. 1 верасня яна прывяла каманду газеты “Полымя” разам з вялікай і дружнай карэліцкай дэлегацыяй усіх узростаў у горад з 767-гадовай гісторыяй Слонім на XXVI Дзень беларускага пісьменства. І кожнаму з нас гэтае гасціннае святочнае месца падарыла нешта асаблівае.

Ужо з першых хвілінаў у Слоніме адчувалася, што колькасць людзей у горадзе ўзрасла ў некалькі разоў. Мы нібы трапілі ў сталіцу. І, насамрэч, гэта было так. Бо на выхадныя Слонім стаў культурнай сталіцай Беларусі, дзе сышліся сотні сцяжынак творчых і таленавітых людзей. І, сапраўды, было радасна акунуцца ў гэтае імклівае і захапляльнае фестывальнае жыццё. Шчыра скажу, што ў большасці я забывала, што на працы, і проста атрымоўвала асалоду ад няспыннага руху навокал. Слонім нагадваў адзін вялізны квэст, дзе за кожным паваротам цябе чакаў прыемны сюрпрыз. Энергетыка натоўпу, хараство вуліц і будынкаў і асобным радком – праграма мерапрыемстваў, настолькі багатая, што, здавалася, спявалі, танцавалі, дэкламавалі паэзію з прозай, майстравалі альбо ўстанаўлівалі новыя спартыўныя і кулінарныя рэкорды практычна ўсе жыхары і госці горада.

Мы прыядналіся да гэтай магутнай творчай стыхіі на “Фестывалі кнігі і прэсы”, дзе газета “Полымя” разам з прадстаўніцай літаратурнага аб’яднання “Рэчанька” Святланай Моніч літаральна ў вершах прэзентавала свой стэнд. Таксама ў нашай зоне наведвальнікі маглі пагартаць нумары “раёнкі” і кнігі вядомых карэліччан. Нават сімвал свята ў Слоніме львяня Лявон завітаў да нас у госці.

Далей асобнай кропкай на маім маршруце быў пазначаны касцёл святога Андрэя. Бо традыцыйна Дзень беларускага пісьменства нельга ўявіць без духоўнага складніку. Тым больш гісторыя свята неад’емна звязана з Францыскам Скарынам. А як мы ведаем, першай надрукаванай ім беларускай кнігай быў “Псалтыр”. Таму святочная праграма не абмінула ўвагай храмы як у Слоніме, так і ў Жыровічах. Усе святыні сустрэлі гасцей упрыгожаныя кветкамі і з адкрытымі сэрцамі вернікаў і духавенства.

Узнёслая пасля наведвання старадаўняга храма, я накіравалася бліжэй пазнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі. Якіх толькі дзіваў не прывезлі беларускія майстры! Вядома, і нашы таксама. “Карэліцкі Дом рамёстваў прадстаўлены рознымі вырабамі, – распавяла яго кіраўнік Юлія Баярэнка– Тут і ганчарства, і ткацтва, і саломапляценне, і разьба па дрэве, і вышыўка. У дзетак асаблівай папулярнасцю карыстаюцца лялькі Людмілы Саўчанкі-Кір’янавай з Жухавіч. Да таго ж, наведвальнікі нашай пляцоўкі з цікавасцю далучаюцца да вырабу абярэгаў”.

Адмысловыя майстар-класы для гасцей свята падрыхтавалі і прадстаўнікі прафесійна-тэхнічных устаноў Гродзеншчыны. Ізноў мой шлях ляжаў да землякоў. Першым на вочы трапіў Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж. Яго дырэктар Наталля Кадлубай разам з калегамі паспяшалася падзяліцца эмоцыямі: “Мы з нецярпеннем чакалі паездкі і зараз знаходзімся ў захапленні ад дзеі навокал! І наш творчы ўнёсак таксама тут ёсць. Гаворка ідзе пра вырабы нашых навучэнцаў і педагогаў, майстар-класы па кераміцы і роспісу па тканіне. Яшчэ адзін падарунак ад нас – магчымасць дэталёва пазнаёміцца з народным тэатрам “Батлейка”. Адзначу, што нават надвор’е спрыяе святу і выдатнаму настрою ва ўсіх!” Цёплыя ўспаміны са Слоніма засталіся і ў намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага ДМПТК, мастацкага кіраўніка “Батлейкі” Канстанціна Петрымана“Сапраўднае свята беларускасці! Тут адчуваецца народны дух. Бачна, што дзеткі і дарослыя зацікаўленыя сваёй гісторыяй і культурай. Вось у чым галоўны сэнс Дня беларускага пісьменства”.

Пакуль міране зачароўвалі лялечным тэатрам, Карэліцкі дзяржаўны прафесійны будаўнічы ліцэйзрабіў стаўку на мноства керамічных сувеніраў, адпаведны майстар-клас і на шыкоўную самаробную стылізаваную кнігу, якая выклікала ажыятаж сярод тутэйшай публікі. “Гэты шэдэўр з’явіўся, дзякуючы таленту нашых педагогаў Марыі Мялешкі і Таццяны Купрас, – падзяліўся сакрэтам дырэктар установыГенадзій Арцюх– Наша кніга адразу кідаецца ў вочы і, тым самым, нібы нагадвае кожнаму, як важна ведаць і чытаць родную літаратуру”.

Такую думку раздзялілі і прадстаўнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі, таму прывезлі ў Слонім багата выданняў пра наш родны край і асабліва пра Мірскі замак. “Менавіта гэта славутасць стала лейтматывам нашай пляцоўкі, дапамогу ў стварэнні якой аказаў краязнаўчы музей, – удакладніла дырэктар раённай бібліятэкі Лілія Арцюх– Госці рабілі здымкі на памяць у фотазоне на фоне знакамітых ва ўсім свеце старажытных муроў, гулялі ў шашкі з выявамі ўладальнікаў замка. Таксама ўсе маглі даведацца на выставе рэдкіх кадраў, як выглядаў комплекс у 1970-х гадах. А нашы самыя юныя сябры былі занятыя пазламі з карэліцкімі славутасцямі. Знайшлі мы час, каб наведаць пляцоўкі сваіх калег з іншых раёнаў. Да слова, вельмі спадабаліся Ашмяны і Свіслач. І гэта таксама адметнасць свята – атмасфера дружбы”.